ДЗЕВЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 8—15.5.1929 у Мінску. Прысутнічала 559 дэлегатаў з рашаючым і 168 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (М.М.Галадзед); пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР (М.М.Карклін, С.Б.Карп, П.М.Рачыцкі, А.В.Баліцкі); аб становішчы Чырв. Арміі (А.І.Ягораў); выбары ЦВК БССР; выбары ад БССР членаў Савета нацыянальнасцей ЦВК СССР. З’езд адзначыў дасягненні БССР у індустрыялізацыі і прамысл. буд-ве, павелічэнне ўдзельнай вагі прамысл. прадукцыі ўсёй гаспадаркі, павышэнне культ. ўзроўню насельніцтва, ухваліў захады па рацыяналізацыі і скарачэнні дзярж. апарату. Выконваючы ўказанні урада СССР, з’езд паставіў задачу сацыяліст. рэканструкцыі і калектывізацыі сял. гаспадарак, вытв. іх кааперавання, узмацнення і пашырэння саўгасаў пры ўсямерным стымуляванні ўздыму бядняцка-серадняцкага сектара. З’езд адобрыў распрацаваны Дзяржпланам і зацверджаны Саўнаркомам БССР план развіцця нар. гаспадаркі і культ. будаўніцтва рэспублікі на 1928—32, адзначыў неабходнасць рашучага сацыяліст. наступу на капіталіст. элементы горада і вёскі. Пэўная ўвага была звернута на працяг палітыкі беларусізацыі больш хуткімі тэмпамі. Выбраў ЦВК БССР з 254 чл. і 88 кандыдатаў. У Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР ад рэспублікі было абрана 5 чл. і 2 кандыдаты. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Галадзед.
Літ.:
Дзевята Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Стэнагр. справаздача. Мн., 1929;
Пастановы IX Усебеларускага з’езду Саветаў i I сесіі ЦВК БССР IX склікання. Мн., 1929.
М.П.Касцюк.
т. 6, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)